Пачынаецца ўсё з любві.
Першы поспех і першыя крокі…
Я. Янішчыц
Шмат чую ў паўсядзённым жыцці, што настаўнікам быця цяжка, павінны быць “жалезныя” нервы. Настаўніцкая прафесія хоць і няпростая, па словах калег, але ж, на мой погляд, цікавая. Быць педагогам можа кожны, у каго ёсць жаданне, здольнасці і вялікая ступень адказнасці за сваіх выхаванцаў. Настаўнік не проста ведае свой прадмет, але і перадае каштоўны матэрыял вучням, таму гэта прафесія застаецца патрабавальнай і ў наш час. Яна вызначаецца не толькі складанасцю, але і вялікай адказнасцю настаўніка за будучыню ў вузкім і шырокім сэнсе гэтага слова.
Настаўнікам становіцца той, хто жыве марай пра навучанне дзяцей свайму прадмету, думкамі аб тым, як зрабіць складанае простым. Дыя як жа навучыцца той самай справе, як стаць прафесіяналам, як навучаць тады іншых?
На пачатку сваёй працы настаўніка ў школе я хвалявалася і адначасова была ўпэўнена ў сваіх здольнасцях. Сутыкнулася з цяжкасцямі, перашкодамі, з пераадоленнем якіх мне дапамаглі і дапамагаюць таксама настаўнікі, ужо калегі. Навучыўшыся працаваць над сабой, можна вучыць іншых, асэнсоўваючы, што на табе ляжыць вялікая адказнасць. Прыцягнуць увагу вучняў сёння даволі складана: іх трэба па-сапраўднаму зацікавіць, наат заінтрыгаваць, і толькі тады дзіцячая душа адгукнецца. Галоўнае – адданасць сваёй працы і выхаванне пачуцця любові да прадмета, перадача ведаў падрастаючаму пакаленню.
Пры падрыхтоўцы да ўрока я абапіраюся на свае ўласныя веды і метадычную літаратуру, каб адшукаць пэўную інфармацыю, падабраць матэрыял. Праглядваю розныя формы і метады падачы тэмы матэрыялу, распрацоўваю кожны крок урока. Не заўсёды ўсё атрымліваецца на “выдатна”. Гэта залежыць ад асаблівасцей класа. І зразумела, што кожны ўрок не павінен быць сухім, нецікавым, у адной і той самай форме праведзеным. Таму прытрымліваюся правіла: ён павінен быць змястоўным, насычаным, разам з тым адметным.
Як я выбрала прафесію настаўніка? Чаму абрала менавіта беларускую мову і літаратуру і чаму не выбрала іншы прадмет? Любоў да свайго роднага, да беларускай мовы, культуры нашага народа праявілася яшчэ ў дзяцінстве: падабалася слухаць народныя песні, чытаць легенды пра ўзнікненне беларускіх гарадоў, паселішчаў, вывучаць традыцыі, наведваць славутыя мясціны Беларусі. Услухайцеся, як гучаць словы: настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Для мяне – мілагучна і разам з тым горда!
Каб стаць майстрам сваёй справы, напрыклад, у апрацоўцы дрэва, неабходна валодаць прафесійнымі ведамі і навыкамі. Ты можаш прчытаць мільён кніг і навучыцца чаму-небудзь. А ці навучышся ты асаблівасцям гэтай працы на заводзе, за станком? Кнігі дадуць табе толькі тэарэтычныя веды. А вось настаўнік зможа навучыць цябе прымяняць тэорыю на практыцы. Педагогу асабліва складана: ён не толькі навучае, але і фарміруе, выхоўвае чалавека, грамадзяніна сваёй краіны.
Усё самае таемнае ў культуры народа, яго скарбонка каштоўнасцяў, вялікае і малое, скрытае і адкрытае свету – гэта можа паказаць настаўнік, бо яму належыць вялікая сіла валодання словам і “миром человеческих душ”.
Наша мова прыгожая, мілагучная, і на думку прыходзяць радкі Пімена Панчанкі, прысвечаныя роднай мове:
Ільняная і жытнёвая, сялянская,
баравая, у казачнай красе,
старажытнейшая, самая славянская,
светлая, як травы ў расе,
вобразная, вольная, пявучая
мова беларуская мая.
Лічу, што кожны чалавек, які жыве на Беларусі, павінен ведаць яе, бо гэта – наша галоўнае нацыянальнае багацце і адрозненне ад іншых культур і народаў. Няма большага скарбу чым мова, неабходна перадаць яе новым пакаленням “каб не ўмёрлі”.